BY_DE

berlin_by


Belarussisch - Deutsche Community


Previous Entry Share
Берлінале (працяг будзе)
ex_petra_le wrote in berlin_by
Ніколі не была на "Лістападзе", але мяркую, што там зьмест такі ж занудны, як і назва. "А чаго ж кажаш, калі не была?" скажыце вы і будзеце мець рацыю. Так нехта сказаў на з'ездзе Саюза пісьменьнікаў СССР у 1958 годзе пра раман "Доктар Жывага": "Я роман Пастернака не чітал, но осуждаю". Таму буду лепш пра тое, што крышачку ведаю, бо на Бэрлінскі кінафестываль хаджу часта і з задавальненьнем.

Мне чамусьці заўсёды ўяўлялася, што фестывальнае кіно павінна быць нейкім альтэрнатыўным па форме, манеры распавядаць гісторыю, альбо нават шакуючым, ва ўсялякім разе інтэлектуальным і крыху заблытаным, каб было над чым паламаць галаву: пасьля гадзіны роздумаў (сысьці-не сысьці?) толькі пад канец уцяміць, пра што ідзе размова, і спазнаць катарсіс ад уласнай знаходлівасьці. Аказваецца, усё зусім не так. Дакладней, па-рознаму. Тут табе і чызбургер, і рулька, і мус-о-шоколя, выбірай, што табе бліжэй ды смачней. Праўда, я ўсё чакаю і чакаю, а бабкі ўсё няма й няма. Затое паведамілі, што ўпершыню бярэ ўдзел беларуская дэлегацыя.  І то добра.

Сёлета я вырашыла падысьці да гэтай тэмы навукова-пазнавальна і паглядзець фільмы так, каб адначасова і адпаведныя мовы крыху ўспомніць. А ўвогуле купляць квіткі пальцам у неба - маё хобі. Вось што з гэтага атрымалася:

1) Il marchese del Grillo. Даніна выдатнаму італьянскаму рэжысэру Марыо Манічэллі, які тройчы прывозіў дамоў срэбнага мядзьведзя, а за "Маркіза" атрымаў узнагароду ў 1982 годзе. Фільм распавядае пра эксцэнтрычнага неапалітанскага арыстакрата, які нават падчас напалеонаўскай акупацыі не пакідае свае ўлюбёныя заняткі: карты, смачную ежу, прыгожых паненак, прыгоды й здзекі над дурнямі. Але праз сьмех бачна, што ў бочкі насамрэч падвоенае дно, у тым сэнсе, што гэта сьмех скрозь сьлёзы, і ў Італіі з той пары нічога не зьмянілася. Ну як у гэтай сцэне:


"io sò io ..e voi non siete un cazzo!!!", гучыць, я лічу,  даволі актуальна ў берлускoніянскай Італіі.
Дарэчы, перад паказам выступіла з прамовай непаўторная Ізабэла Расэліні (старшыня журы). Яна распавядала хвілін з 10 і толькі потым успомніла пра сынхронную перакладчыцу, што ў паніцы сьпісала ўвесь свой нататнік. Я ажно дыхаць перастала, але гэта, хутчэй, прафэсійнае.

2) Almanya - Willkommen in Deutschland. Я чакала штампаў і стэрэатыпаў, як у шматлікіх стужках, пабудаваных на культурных і нацыянальных адрозьненьнях "цывілізаваны бюргер-імігрант", бо фільм пра гісторыю адной турэцкай сям'і ў Нямеччыне. Але тут наадварот: нямецкія туркі насамрэч больш нямецкія за ўласна немцаў. Дарэчы, я глядзела сярод тыдня а дванаццатай гадзіне, уся заля была запоўнена немцамі і турыстамі, бо ўласна фокус-група такой стужкі была дзе? - правільна, на працы! (Прывітаньне спадару Сарацыну :)) Вельмі трапна працытавалі напрыканцы Макса Фрыша: "Мы чакалі гастарбайтэраў, а прыехалі людзі".




3) Les femmes du 6eme etage. Шыкоўная гісторыя пра пошукі сэнса жыцьця. Сумны французскі банкір (у выдатным выкананьні Фабрыса Лукіні) кожны дзень ідзе ў сваё цёмнае бюро, з'еўшы сумнае дасканалае яйка (тры з паловай хвіліны, вуаля!), пакуль раптам не высьвятляе, што існуе рэальнае жыцьцё ў выглядзе гішпанскіх пакаёвак. У іх на шостым паверсе, праўда, не працуе прыбіральня, яны не спэкулююць на біржы, а хаваюць франкі ў скрыні з-пад абутку, затое яны не згубілі здольнасьці спачуваць, радавацца дробязям, не згубілі, адным словам, людскае аблічча. Уся стужка пабудаваная на гэтым сацыяльным кантрасьце і аздобленая вельмі добрымі дэкарацыямі Францыі часоў дэ Голя. Трэ шарман.


4) Дакументальная стужка Vaterlandsverraeter ("Здраднікі радзімы") ўразіла мяне блізкасьцю тэмы штазі/ГДР да сучасных беларускіх абставінаў. Асабліва рэкамендую ўсім, хто, як і я сама, яшчэ нядаўна сядзеў на хмарцы ў ружовых акулярах і не хацеў нічога слухаць пра ўсялякія там ворганы і што яны паўсюль. Цалкам магчыма, гэта твой найлепшы сябра, не выключана, што гэта твой каханы піша "куды трэба" пра тваю бялізну. Пратаганіст стужкі -  вядомы ўсходненямецкі пісьменьнік Паўль Грацык, які на працягу дваццаці гадоў супрацоўнічаў са штазі і паведамляў пра калегаў, прыкладам, Хайнэра Мюлера, прынамсі рабіў гэта спачатку за ідэю, а потым ад безвыходнасьці. Недзе на пачатку васьмідзесятых, зразумеўшы, што сістэма гніе знутры, адмовіўся ад супрацы і нават пачаў каяцца перад сябрамі, якія, як высьветлілася, самі былі "не без таго". Асабліва шкада мне асабіста было былую каханку Паўля, якая даведалася аб ягонай здрадзе перад камэрай, перад вачыма гледачоў, так бы мовіць.

Мне не сорамна прызнацца, што мае сымпатыі пасьля гэтай стужкі былі ўсё роўна на баку "здрадніка". Гэта ніякім чынам не зьвязана з хрысьціянскай маральлю альбо проста правілам "ляжачага не б'юць". Можна колькі заўгодна казаць пра люстрацыю, але аднойчы пачаўшы, можна ўсю краіну пераўтварыць у вязьніцу. Ня ведаю, глядзіце самі, а потым мы з вамі паспрачаемся:




vialingvinistka 

  • 1
Hey Stranger! This is Liza. CALL ME! Go Here welcomemyhomecat.blogspot.com

  • 1
?

Log in

No account? Create an account